Уладзілаў Сыракомля

Уладзіслаў Сыракомля

Сыракомля Уладзіслаў (сапраўднае імя Людвіг Аляксандравіч Кандратовіч), нарадзіўся 29.09.1823 года ў фальварку Смольгава Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер в. Смольгава Любанскага раёна), адкуль неўзабе яго сям'я пераехала на Старобіншчыну ў фальварак Яскавічы, дзе і праходзіла дзяцінства будучага паэта. Вучыўся ў Дамініканскіх школах у Нясвіжы (1833 - 1835 гг.) і Навагрудку (1836 - 1837 гг.). Працаваў у нясвіжскай канцылярыі кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі (1841 - 1844 гг.). Уладзіслаў Сыракомля быў добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Антыпрыгонніцкі пафас творчасці У. Сыракомлі быў непарыўна звязаны не толькі з дэмакратычнай па свайму характару вуснай паэзіяй беларускага народа, але і з гісторыка-краязнаўчай тэматыкай. Паэт раскрываў у сваіх творах характары, дабрыню, сумленнасць і высокую духоўнасць простых вясковых людзей. Максім Горкі, называючы Сыракомлю беларускім Шаўчэнка ставіў яго ў адзін рад з Пушкіным, Міцкевічам, Гейнэ. Ягоны верш "Паштальён" быў перакладзены на рускую мову і пад назвай "Ямшчык" стаў шырока вядомай песняй.

Герб рода Сыракомляў

Негледзячы на тое, што У. Сыракомля ў асноўным пісаў па-польску (захаваліся толькі 2 яго твора на беларускай мове "Добрыя весці" і "Ужо птушкі пяюць усюды"), ен заўсёды падтрымліваў права беларусаў карыстацца роднай мовай. Пра гэта сведчаць яго 4 артыкулы аб творчасці В. Дуніна-Марцынкевіча, а таксама нарыс "Кароткае даследванне мовы і характару паэзіі русінаў у Мінскай правінцыі", у якім Сыракомля зазначыў: "Прыгожае гэта адгалінаванне славянскай мовы крывіцкі дыялект старое! Бо гэта мова нашага Літоўскага Статута і справаводства на працягу двух вякоў XVI  XVII ст., распаўсюджаная! Бо смела можна сказаць, што размаўлялі на ёй тры чвэрці даўняй Літвы, люд, шляхта і паны; пазбавіўшыся свайго пісьмовага значэння, гэтая мова сёння засталася толькі спадчынай адных сялянскіх хат…".

Называючы сябе "ліцвінам", У. Сыракомля неаднаразова падкрэсліваў, што і продкі яго таксама былі "шчырымі ліцьвінамі". Літвою У. Сыракомля называў Беларусь, а літцьвінамі беларускі народ.

У. Сыракомля праявіў выдатныя здольнасці ў гістарычнай і этнаграфічнай навуцы. Некаторыя яго працы ("Мінск", "З дарожнага дзёніка 1956 года" , "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах" і інш.) у гэтых галінах па сенняшні дзень не страцілі сваёй навуковай вартасці. Напрыклад, у сваім даследванні "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах" У. Сыракомля, параўноваючы жыццё простых людзей у розных кутках Беларусі, вылучае мінавіта сялян Случчыны як найбольш заможных і правітых з усіх сялян паўночна-заходняга краю. Адзначае У. Сыракомля і асаблівы знешні выгляд мясцовага сялянства: "Селянін… на ўсёй Случчыне, заможны, выключна аддадзены працы на сваёй ураджайнай зямлі, ён дамасед, які далей царквы і гандлёвага мястэчка нідзе не бываў, а таму ў сваім адзенні захаваў нешта спрадвечнай. Ён носіць доўгія, старанна прычасаныя валасы, вялікую баранавую шапку, адвечнага крою світу, шырокую раменную папругу. Сялянка ходзіць укаптуры і гарсэце, у такіх самых, якія насілі яшчэ яе прабабкі. Гэта шаноўны клас хлебаробаў такі, які мы ўяўляем яго ў сваіх ідэях".

У творчасці У. Сыракомля знайшлі адлюстраванне ўсе бакі жыццядзейнасці беларускага грамадства на пярэдадні адмены прыгоннага права. Аднак выказванні паэта супраць антычалавечай сутнасці прыгонніцтва, любоў да сваёй бацькаўшчыны трактаваліся ўладамі як праява нацыянальнага сепаратызму. Нагляд паліцыі, арышты, допыты прывялі да значнага пагаршэння стану здароўя У. Сыракомля. У выніку толькі ўжо безнадзейна хвораму на сухоты паэту дазволілі лячыцца, вызваліўшы з Віленскай турмы. Памёр У. Сыракомля 15 верасня 1862 года ў самым росквіце творчых сіл.