Дзяржаўная установа культуры «Салігорскі краязнаўчы музей»

Музей заснаваны ў 1976 г. Яго дзверы былі адчынены для наведвальнікаў 11 жніўня 1984 г. Салігорскі краязнаўчы музей адметны тым, што па ўнутраным афармленні падобных музеяў няма ў Беларусі. Памяшканне канструкцыйна нагадвае штрэкі ў шахце: столь заніжана, бачны крапёжныя блокі, краі бакавых вітрын закруглены, іх колер аранжава-чырвоны (колер каменнай солі). Для наведвальнікаў прадстаўлены наступныя раздзелы экспазіцыі: «Этнаграфія» з падраздзеламі «Культура і побыт беларусаў», «Народныя рамёствы і промыслы»; «Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны»; «Пасляваеннае аднаўленне і развіццё»; «Гісторыя горада Салігорска»; «Прырода і экалогія» з падраздзелам «Геалогія», які прысвечаны адкрыццю і распрацоўцы Старобінскага радовішча калійнай солі. Музей мае 24 калекцыі, найбольш адметныя з іх: археалогія (каменныя прылады працы II—I тысячагоддзя да н.э.), этнаграфія (прадметы побыту сялян XIX — пачатку XX ст., прадметы народнага ткацтва), мастацтва (іконы канца XVIII — XIX стст.). На 1 студзеня 2024 года музей налічвае 18 717 музейных прадметаў. Наведвальнікам музея прапаноўваюцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі.

Больш падрабязную інфармацыю аб музеі, экспазіцыі, фондах і паслугах вы зможаце знайсці ў іншых раздзелах сайта.