Іван Кудраўцаў

Іван Фёдаравіч Кудраўцаў

Іван Фёдаравіч Кудраўцаў нарадзіўся 28 ліпеня 1922 года ў вёсцы Cіцянец Салігорскага раёна ў сялянскай сям'і. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны выдатна скончыў Старобінскую сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. У час вайны змагаўся з захопнікамі на Заходнім, Варонежскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Універсітэт скончыў пасля дэмабілізацыі, у 1948 годзе. Кандыдат філалагічных навук.

Іван Фёдаравіч працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Беларусь”, інстытуце педагогікі Мінасветы БССР, Белдзяржфілармоніі, у Акадэміі навук БССР. Мае ўрадавыя ўзнагароды. Член КПСС.

Іван Фёдаравіч адзін з вядучых крытыкаў і літаратуразнаўцаў. У 1956 годзе ён выдаў манаграфію “Кузьма Чорны. Ідэі і вобразы ў творчасці”, потым – літаратуразнаўчы нарыс “Кузьма Чорны. Жыццё і творчасць”. Аб значнасці гэтых прац гаворыць тое, што яны перавыдаваліся некалькі разоў.

Але, бадай, самай значнай падзеяй для Івана Фёдаравіча з'яўляецца выхад у свет яго рамана Разгневаная зямля. Раман надзвычай цікавы. Ён аб суровым гераічным часе Вялікай Айчыннай вайны, аб цяжкіх выпрабаваннях, якія выпалі на долю нашага народа, аб бессмяротным подзвігу савецкага чалавека. Твор прысвечаны мінскім падпольшчыкам.

Героі рамана надзелены адметнымі рысамі характару. Таму яны, як зярняты на далоні. Кожны відзён з усіх бакоў. Кожны добра запамінаецца, таму што з'яўляецца носьбітам пэўных, уласцівых толькі яму, якасцей.

Знамянальна тое, што раман выйшаў перад 40-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Твор з'яўляецца яшчэ адной моцнай цаглінай, закладзенай у той літаратурны гмах, што стварылі нашы пісьменнікі, каб увекавечыць вялікі подзвіг савецкага народа.

Склаў у сааўтарстве з У. Агіевічам падручнікі “Кніга для чытання ў 2 класе школ рабочай і сельскай моладзі” (1952 г.), школьныя падручнікі па беларускай мове. У 1948-1949гг. Працаваў над перакладам 18-га тома Збора твораў У.І. Леніна (1950 г.).

Памёр 26.05.2004 г.