Ян Цадроўскі

Ян Цадроўскі дзеяч старажытнай культуры на Старобіншчыне

Вялікае Княства Літоўскае будучы ў сярэдневеччы адной з наймагутнейшых дзяржаў Еўропы, якое адыграла вялікую ролю ў гісторыі беларускага народа і падарыла чалавецтву нямала слаўных імёнаў (М.Гусоўскі, Ф.Скарына, Г.Фёдараў, П.Мсціславец, В.Цяпінскі, С.Будны, Л.Сапега, К.Семяновіч і інш.).

Менавіта ў гэтай новастворанай дзяржаве, у мястэчку Пагост 3 сакавіка 1617 г. у сям'і беларускіх шляхцічаў Яна і Ганны Цадроўскіх нарадзіўся сын, якога назвалі ў гонар бацькі Янам. Маленькі Ян рос дапытлівым хлопчыкам, праяўляючы цікавасць да вучобы.

На маляўнічых берагах рэчкі Случы праходзіла яго дзяцінства. А калі хлопчыку споўнілася 12 гадоў, бацькі ўлічваючы яго цягу і здольнасці да навукі, прызначылі падлетка ў Слуцкую гімназію. Магчыма, тут ён упершыню пазнаёміўся з Янушам Радзівілам (пазней вялікім гетманам Літоўскім), які ў гэты час таксама вучыўся ў Слуцкай гімназіі і з якім затым на ўсё жыццё захаваў самыя цёплыя адносіны.

У 16-гадовым узросце Ян Цадроўскі, як адзін з лепшых навучэнцаў гімназіі, накіроўваецца на далейшую вучобу ў Крулявецкі універсітэт, што знаходзіўся ў Прусіі. Як сведчаць матэрыялы сакрэтнага дзяржаўнага архіва Прускай культурнай спадчыны ў Берліне, сярод тых, хто жыў альбо вучыўся ў горадзе Круляўцы, было вельмі шмат беларусаў як уніятаў, так і праваслаўных.

Напрыклад, сярод уніятаў вызначалася групоўка на чале з архімандрытам Паўлам Корсакам з Мсціслаўля. Сярод праваслаўнай моладзі сустракаюцца прозвішчы Мітрафана Пашынскага, Тараса Пракаповіча, Іларыёна Бакіеўскага і іншых, якія прыехалі сюды з розных куткоў беларускага краю. Землякі кантактавалі паміж сабой, спасцігалі для сябе новы рэлігійны кірунак, які значна пашыўся ў Еўропе ў гэты час.

Рух рэлігійнай рэфармацыі пратэстанства быў скіраваны супраць неабмежаванай улады Папы Рымскага. Рэфарматары выставілі план стварэння незалежных нацыянальных цэркваў з богаслужэннем на роднай мове. Менавіта гэтай ідэяй моцна пранікся і малады Ян Цадроўскі. Закладзены падмурак рэлігійнага светапогляду і перакананняў у час вучобы ў Крулявецкім універсітэце ён свята пранёс праз усё жыццё. Наогул, беларуская шляхецкая і часткова мяшчанская моладзь, якая вучылася ва універсітэтах Заходняй Еўропы, вельмі праніклася рэлігійнай рэфармацыяй і ў пэўнай ступені здолела перанесці яе на Беларусь, дзе яе пераняла значная частка магнатаў і залежнай ад іх шляхты.

Каб замацаваць атрыманыя веды ў Прусіі, увесь 1636 г. Ян Цадроўскі працягваў паглыбленую вучобу на багаслоўскім факультэце прэстыжнага ў Еўропе Ягелонскага універсітэта ў Кракаве, дзе раней вучыўся вядомы беларускі першадрукар Францыск Скарына. У 1637 годзе адукаваным 20 гадовым маладым чалавекам, дасканала валодаючым пяццю мовамі (старарускай, польскай, лацінскай, нямецкай і французскай) Цадроўскі вяртаецца на Бацькаўшчыну. У хуткім часе ідзе на службу пры двары князя Багуслава Радзівіла.

Вялікі след у жыцці Яна Цадроўскага пакінулі замежныя паездкі са сваім 18-гадовым патронам. Багуслаў і Ян аб'ехалі амаль усю Заходнюю Еўропу. У 1638-1640 г.г. яны пабывалі ў Прусіі, Швейцарыіі, Даніі, Галандыі, Францыі і Англіі. Для маладых людзей гэтае падарожжа насіла не толькі пазнавальны характар, а і своеасаблівай рэлігійнай місіі.

Галоўная мэта місіі заключалася ў дамове з уплывовымі пратэстанцкімі дзеячамі гэтых краін аб падтрымцы і дапамозе з іх боку пратэстанцкай царкве на беларускіх землях. У 1640-я гады разгарнулася праца па пашырэнню пратэстанцызму ў беларускім краі. Але пераход беларускіх магнатаў і часткі шляхты ў пратэстанцкую веру выклікаў вострую рэакцыю з боку польскіх езуітаў і маскоўскай праваслаўнай вярхушкі.

У выніку найбольш уплывовыя беларускія дзеячы гэтай пары (Мікалай Радзівіл Чорны, Януш Радзівіл, Багуслаў Радзівіл, Ян Цадроўскі, Павел Ян Сапега і др.) добра ведаючы, што ў Польшчы рэлігійная думка стаяла на такім жа прымітыўным узроўні, як і ў Маскоўскай дзяржаве, дзе праваслаўе раўнялі з маскоўскай нацыянальнасцю, імкнуліся зрабіць пратэстанцызм беларускай нацыянальнай верай, незалежнай як ад Масквы, так і ад Варшавы.

Беларускія пратэстанты за кароткі тэрмін змаглі заснаваць даволі шмат школ і друкарняў, стварылі багатую рэлігійную літаратуру. Аднак яны хутка разбіліся на асобныя секты кальвінісцкую, лютаранскую і іншыя.

У канцы 40-х - 50-я гады XVII стагоддзя Ян Цадроўскі з'яўляўся адным з лідэраў кальвінісцкай царквы на Беларусі. Тым не менш, раздробненасць пратэстанства разам з пачаўшыміся ваеннымі канфліктамі перашкодзілі не толькі распаўсюджванню гэтага рэлігійнага кірунку ў беларускім краі, але і значна змянілі далейшы асабісты лёс нашага вядомага земляка.

Калі барацьба ўкраінскіх казакоў супраць Польшчы ў 1648-1654 г.г. мала чым закранала беларускія землі, то пасля аб'яднання Украіны з Маскоўскай дзяржавай (1654 г.) тут разгарнуліся асноўныя падзеі гэтай кровапралітнай вайны. Вайна Маскоўшчыны і Украіны супраць Рэчы Паспалітай пачалася ў 1654 годзе і застала яе зусім непадрыхтаванай. Паколькі Польшча засяродзілася толькі на абароне "кароны" (чыста польскіх земляў), то галоўнаму гетману Янушу Радзівілу з 10 тысячамі жаўнераў прыйшлося абараняць асноўную частку былога Вялікага княства Літоўскага ад ледзь не 140-тысячнай арміі саюзнікаў (Масквы і Украіны).

У гэтай сітуацыі Багуслаў Радзвіл і яго бліжэйшы саратнік Ян Цадроўскі вымушаны былі хутчэй адводзіцьсвае сілы (2 тысячы жаўнераў) ад Магілёва да Слуцка сталіцы сваіх уладанняў з тым, каб паспець падрыхтаваць яго да нашэсця ворага. Ім гэта ўдалося зрабіць на славу і Слуцк увайшоў у лік 2-3 беларускіх гарадоў , якія так і не былі ўзяты ні царскім войскам Аляксея Міхайлавіча, ні казацкімі атрадамі Багдана Хмяльніцкага.

Найболып патрыятычная частка беларускіх магнатаў шукала розныя спосабы аднавіць поўную незалежнасць Вялікага княства Літоўскага, парваць уніятскія сувязі з Польшчай. Як толькі у 1655 г. вайной супраць Польшчы выступіла Швецыя, заняўшы Жамойць (частка Літвы), туды адразу са сваімі сем'ямі накіраваліся Багуслаў Радзівіл і Ян Цадроўскі. 17 жніўня 1655 года у Кейданах Януш Радзівіл, які ўзначаліў беларускую дэлегацыю (членам дэлегацыі з'яўляўся і Ян Цадроўскі) страціўшы надзею абараніць Радзіму сваімі сіламі, падпісаў пагадненне аб уніі Вялікага Княства Літоўскага са Швецыяй.

Такім чынам, унія з Польшчай скасоўвалася, а Вялікае княства, пераходзячы пад пратэктарам Швецыі, згодна з умовамі пагаднення, павінна было супольна з ёю ваяваць як супраць маскоўскага, так і польскага войскаў, тайна дамовіўшыся з Багданам Хмяльніцкім аб нейтралітэце. На жаль, у хуткім часе ў ходзе вайны з палякамі загінуў князь Януш Радзівіл. Саюз са Швецыяй амаль распаўся, а Ян Цадроўскі вярнуўся дадому, на Бацькаўшчыну. У сваіх мемуарах ён затым напіша аб убачаным у гэты час наступнае: "Быў вялікі мор. Эпідэмія суправаджалася голадам. Увесну 1656 года рэшткі незабранага збожжа пажавалі палявыя мышы, што сапраўдным нашэсцем накінуліся на край, асабліва на Мінскае ваяводства. Пасля гэтага голад страшны настаў, які працягваўся аж да жніва 1657 года, так што катоў, сабак, здыхляціну ўсякую елі, а на астатак людзей рэзалі і целы людскія елі і памерлым трупам людскім у дамавіне вылежацца не давалі".

Аб маштабах бязлітаснай эпідэміі, якая панавала на беларускай зямлі, не раз паведамлялася і ў афіцыйных дакументах царскай адміністрацыі. Ад эпідэміі не ўбярогся і памёр царскі ваявода Хведар Арсеньеў, а цар Аляксей Міхайлавіч наракаў, што з прычыны мору ён атрымлівае надта мала інфармацыі з тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага.

Можа дадзеная акалічнасць і прымусіла маскоўскага цара асабіста наведаць гэтыя мясціны, каб разабрацца ў склаўшыхся ваенных абставінах. Як бы там ні было, але далей горада Друя цар не паехаў. Карыстаючыся вялікім аўтарытэтам і даверам у шляхты ўсяго Мінскага ваяводства, Ян Цадроўскі быў выбраны кіраўніком дыпламатычнай дэлегацыі, якая павінна была правесці перамовы з Аляксеем Міхайлавічам у гэтым беларускім горадзе і ўручыць яму петыцыю з патрабаваннямі мясцовага люду.

У час перагавораў цар зыходзіў толькі з інтарэсаў Маскоўскай дзяржавы, глухім ён застаўся і да патрабаванняў петыцыі. Вось чаму ўвесь 1658 год ён прайшоў ва ўзброенай барацьбе Мінскай шляхты на чале з Янам Цадроўскім супраць царскага войска. Наогул, адным з самых бліскучых тактычных манеўраў за гады вайны можна справядліва лічыць хуткаснае правядзенне Янам Цадроўскім дывізіі Стэфана Чарнецкага у 1660 г. з-пад Ляхавічаў да Барысава. Гэты факт гаворыць аб тым, што наш зямляк добра арыентаваўся на мясцовасці, ведаў картаграфію і дадзеныя аб варожых групоўках, якія ўдалося паспяхова абысці, каб не ўвязацца ў дробныя стычкі і не распыліць сілы.

З'яўленне буйных фарміраванняў рэгулярнай арміі Вялікага княства на Беразіне было настолькі нечаканым для царскіх войск, што выразна сведчыла пра новую стадыю вайны: царскія ваяводы страчвалі ініцыятыву дзеянняў і пераходзілі да абароны. У 1667 годзе, калі абодва бакі былі знясілены зацягнуўшайся вайной, у Андрусаве быў падпісаны мір. Але ён не прынёс незалежнасці беларускаму краю, які па-ранейшаму застаўся ў вымушана створанай Рэчы Паспалітай.

Што датычыцца далейшага лёсу нашага земляка, то вядома, што ён быў абраны на пасаду наваградскага (падчашага), а затым займаўся пісьменніцкай працай. Пяру Яна Цадроўскага належаць змястоўныя мемуары аб асабіста ўбачаных гістарычных падзеях таго часу. Яны складаюцца з 2 частак. У першай з іх даюцца сціплыя біяграфічныя звесткі, адлюстраваны гістарычныя і грамадскія падзеі, выкладзены ўспаміны аб дыпламатычных даручэннях у час вайны 1654-1667 г.г., апісаны голад і эпідэміі 1656 года на Міншчыне, занатавана расправа католікаў над віленскімі кальвіністамі, якая адбылася ў 1682 годзе.

Другая частка мемуараў складаецца з марцілалога, дзе прыводзяцца звесткі пра знаёмых аўтару людзей. Дата расправы католікаў над віленскімі кальвіністамі (1682 г.) з'яўляецца апошняй па храналогіі датай, пастаўленай у сваіх мемуарах Я.Цадроўскім. Далейшыя звесткі аб ім абрываюцца.

Памёр Цадроўскі ці яго пасціг лёс віленскіх кальвіністаў? А можа, і працягваў жыць далей, застаецца невядомым. Ва ўсялякім выпадку, гэта пытанне, як і некаторыя факты і падзеі з яго жыцця, патрабуюць далейшага ўдакладнення. Але яго шматгранная дзейнасць грамадска-рэлігійны і ваенны дзеяч, дыпламат, пісьменнік гаворыць аб сапраўды неардынарнай велічнай фігуры. Фігуры, якая вызначалася высокай маральнасцю, верацярплівасцю, адвагай, адданасцю сваім ідэалам і перакананням, фігуры, якая прысвяціла сваё жыццё беларускаму народу.

 

Літаратура: газета "Шахцёр", 1997 г., № 15, 16.