Старажытная гісторыя Салігоршчыны

Старажытную гісторыю Салігоршчыны неабходна пачынаць з сярэдняга каменнага веку (мезаліта), які для поўдня Беларусі датуецца прыблізна 9-5 тыс. да н.э. У гэты час невялікія вандроўныя абшчыны паляўнічых і рыбаловаў з паўднёвага ўсходу, поўдня, паўднёвага захаду засялілі берагі рэк Случ і Лань.

З сярэдзіны 5 тыс. да н.э. да канца 3 тыс. да н.э. на Салігоршчыне, як і паўсюдна на Палессі, пануе новакаменнае стагоддзе (неаліт). Людзі навучыліся вырабляць гліняны посуд, дасягнулі найвышэйшай ступені у апрацоўцы крэменя свідравалі, шліхавалі, паліравалі, пілавалі камень. У басейнах рэк Лані, Случы, Морачы беларускім археолагам У.Ф. Ісаенка знойдзены цэлы шэраг паселішч таго часу. У суседнім Любанскім раёне на р. Арэсе каля в. Старыя Юрковічы і на беразе воз. Вячэра каля в. Азернае археолагам М.М. Крывальцэвічам адкрыты і даследаваны культурныя слаі паселішч неалітычнага часу. На воз. Вячэра /Азернае-2/ адкрыта ўнікальнае паселішча, у культурных слаях якога захаваліся касцяныя прылады палявання і рыбнай лоўлі эпохі мезаліта і неаліта.Сярод знаходак сустракаюцца творы першабытнага мастацтва.

2-ое тысячагоддзе да н.э. пачалося для старажытнага Палесся, як і для ўсёй Беларусі, з пранікнення шматлікіх плямёнаў шнураванай керамікі, названых так за спецыфічную манеру аздаблення посуду адбіткамі перавітага шнура. Вучоныя звязваюць іх з прабалтыйскай этнічнай супольнасцю. Пачынаецца эпоха бронзы. Новае насельніцтва прынесла навыкі жывёлагадоўлі і земляробства. Людзі пачалі ўжываць медныя і бронзавыя прылады працы. Сляды паселішч і пахаванняў таго часу знойдзены археолагамі ў межах Салігоршчыны каля Старобіна, Чырвонага Возера, Зажэвіч, Чырвонай Слабады, Крывічоў, Лутоўя, Міцявіч і г.д. 

У 1985 годзе на паселішчах Ст. Юрковіч-1 Азернае-1 у Любанскім раёне знойдзены фрагменты гаршчкоў, крамянёвыя і каменныя вырабы эпохі бронзы. Некаторыя знаходкі дэманструюцца ў экспазіцыіі ДУК "Салігорскі краязнаўчы музей" . Найбольш распаўсюджанымі прыстасаваннямі тагачаснага насельніцтва былі каменныя і крамянёвыя сякеры. Большасць крамянёвых сякер-кліноў, каменных сякер без адтулін выкарыстоўвалася ў гаспадарчых мэтах. Свідраваныя каменныя сякеры маглі быць заброяй або сімвалам прыналежнасці да групы мужчын-воінаў.

Агульны выгляд разбуранага паселішча эпохі неаліта-бронзы ў 1 км на поўнач ад Старобіна.

Старобін, 1985 г. М.М. Крывальцэвіч

З 6 ст. да н.э. на ўзбярэжжах Случы, Лані, сярод балот узнінаюць умацаваныя рвамі і валамі паселішчы-гарадзішчы. Такія гарадзішчы вядомы каля в. Хорастава, Буда (Чырвоная Горка). Людзі навучыліся рабіць жалезныя прылады працы і жалезную зброю, выкарыстоўваючы ў якасці сыравіны балотную руду. У 6 ст. н. э, на тэрыторыі поўдня Беларусі з’яўляюцца славяне, якія асімілявалі мясцовае балцкае насельніцтва. Славяна-балты і паслужылі генетычнай асновай для будучай беларускай народнасці.

Ад часоў ранняга жалезнага веку, ранняга Сярэднявечча (славянскі перыяд), старажытнарускага часу, акрамя гарадзішч і селішч да нашага часу захавалася мноства курганных пахаванняў. Такія пахаванні даследаваліся ў канцы 20-ых гадоў у Салігорскім раёне каля в. Пагост і в. Старобін беларускімі археолагамі А.Н.Ляўданскім, С.А.Дубінскім. У 50-я гады помнікі таго часу вывучаў на Салігоршчыне вядомы савецкі археолаг Ю.У.Кухаренка. Праведзены таксама даследванні курганных пахаванняў каля Мелкавіч, Мецявіч, Пагоста, Старобіна і г.д.

У 1927 годзе каля курганоў, што побач з в. Цеснае на ворыўным полі выпадкова быў знойдзены скарб, які складаўся з 5 шыйных грыўнаў і бранзалета. Яны былі зроблены з срэбра, нагадвалі па тыпу традыцыйна балтскія і датаваліся 10 стагоддзем.

У выніку будаўнічых, сельскагаспадарчых, міліарацыйных работ колькасць археалагічных помнікаў Салігоршчыны значна паменшылася. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць гістарычную спадчыну, што дайшла да нас праз ліхалецці і нягоды.

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства,

кандыдат гістарычных навук

М.М.Крывальцэвіч