Вяртанне ў восень

24 кастрычніка ў выставачнай зале Салігорскага краязнаўчага музея адбылося адкрыццё персанальнай выставы мастака-жывапісца з Узды Андрэя Лычкоўскага.
На ёй было прадстаўлена 17 маляўнічых пейзажаў і нацюрмортаў, насычаных яскравым кастрычніцкім сонейкам, бо большасць твораў напісана літаральна ў гэтым месяцы.
На радасць мастаку ў кастрычніку было шмат сонечных дзён, калі ён маляваў з натуры з уласцівай яму хуткасцю і каларыстычнай інтэнсіўнасцю. Што б не маляваў Андрэй Лычкоўскі: рэчкі, дрэвы, палеткі, архітэктурныя помнікі – ва ўсім ён бачыць надзвычайнае багацце каляровых суадносін і без ваганняў перадае гэта шырокім пэндзалем і мастыхінам на сваіх шматлікіх палотнах. Усе яны па-сапраўднаму выпраменьваюць сонечную восеньскую энергію і радуюць вока гледачоў.
Трэба адзначыць, што гэта не першае знаёмства салігорскіх аматараў жывапісу з уздзенскім мастаком. З яго творамі салігарчане і госці горада маглі пазнаёміцца год таму, калі да нас завіталі “Нёманскія перасоўнікі” – састаўна частка творчага праекту мінскіх і ўздзенскіх мастакоў і скульптараў "Выток Нёмана - выток духоўнасці". Ужо тады магчыма было адзначыць бясспрэчны талент і тую мастацкую адметнасць, якая адрознівае Андрэя Міхайлавіча ад іншых аўтараў.
З Мінска на адкрыццё выставы да свайго сябры прыехалі яго калегі. Прагучала шмат добрых слоў. Малады мастак Уладзімір Сайко шчыра павіншаваў Андрэя з выдатнай экспазіцыяй і адзначыў плён у адлюстраванні родных матываў.
Прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка сказаў, што многія пейзажы А.Лычкоўскага былі створаны літаральна на яго вачах і ён вельмі цэніць іх жывы і непаўторны характар.
Сваім мастацтвам Андрэй заклікае шанаваць і любіць жыццё, якое непарушна звязана з родным краем. Сучасны чалавек можа вандраваць і жыць у любым кутку свету, але сувязі з радзімай, у тым ліку праз мастацкія творы, дазваляюць захоўваць яго лепшыя духоўныя якасці.
На адкрыцці выставы прысутнічалі вучні Салігорскай школы мастацтваў разам з педагогамі, а таксама тыя, хто жадаў дакрануцца да чароўнага свету жывапісу.
Пасля адкрыцця выставы Андрэй Лычкоўскі і яго мінскія калегі правялі майстар-клас для салігорскіх вучняў: малявалі нацюрморты шахцёрскай і этнаграфічнай тэматыкі, хуткасеансныя партрэты прысутных. Навучэнцы мастацкай школы паспрабавалі папрацаваць мастыхінам разам з майстрам і атрымаўся цудоўны сумесны нацюрморт.
Такім чынам была закладзена добрая традыцыя творчых сустрэч, абмену прафесійным вопытам. На салігорскай зямлі, як адзначалі мастакі, такім сустрэчам адпавядае культурная атмасфера і зацікаўленасць творчай інтэлегенцыі горада.

Навуковы супрацоўнік
ДУК “Салігорскі краязнаўчы музей” Кацярына Кароль

228